БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
т. 3, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)